[ 18:12 ]  Ірак: 9 чалавек загінулі ў выніку двух тэрактаў

БАГДАД. Дзевяць чалавек загінулі й каля трыццаці атрымалі раненьні ў выніку двух тэрарыстычных актаў у Іраку. Пры абодвух здарэньнях тэрарысты-сьмяротнікі падрывалі машыны каля будынкаў паліцыі – у Багдадзе і ў горадзе Гусэйніях, за 30 кілямэтраў на поўнач ад ірацкай сталіцы. Тым часам арыштаваны ў суботу Садам Хусэйн у часе допытаў настойвае, што Ірак не валодаў зброяй масавага зьнішчэньня. Месца, дзе ўтрымліваецца Хусэйн, дагэтуль не вядомае. Кіроўчая рада Іраку зьняпраўдзіла сёньня інфармацыю пра тое, што былы дыктатар дастаўлены на амэрыканскую вайсковую базу ў Катары. Міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд заявіў, што з Садамам Хусэйнам будуць абыходзіцца як з ваенным вязьнем – у адпаведнасьці з жэнэўскай канвэнцыяй. Амэрыканскі генэрал Марк Гэртлінг паведаміў сёньня, што дакумэнты, захопленыя падчас арышту Хусэйна, дапамаглі сілам кааліцыі затрымаць колькіх высокіх прадстаўнікоў колішняга ірацкага рэжыму.