БАГДАД Мінулай ноччу ў Іраку быў арыштаваны былы прэзыдэнт краіны Садам Хусэйн.
Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Багдадзе камандуючы амэрыканскімі войскамі ў рэггіёне генерал Рыкарда Санчэс заявіў:
(Санчэс:)Мінулай ноччу прыблізна а 8 гадзіне паводле мясцовага часу сілы чацьвертай пяхотнай дывізыі разам са спэцяльнымі сіламі правялі апэрацыю “Чырвоны сьвітанак” па захопу былога ірацкага дыктатара Садама Хусэйна.
Хусэйн быў затрыманы у мястэчку Ад-Давар каля гораду Тыкрыт. Апэрацыя адбылася без ужываньня зброі.
Сёньня ў Багдадзе кіраўнік амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку Пол Брэмэр, зьвяртаючыся да іракцаў, заявіў:
(Брэмэр:)Гэта вялікі дзень у ірацкай гісторыі. На прыцягу дзесяцігодьдзяў сотні тысячаў з вас пакутвалі ад гэтага жорсткага чалавека. На працягу дзесяцігодьдзяў Садам Хусэйн нацкоўваў грамадзянаў адных на іншых. На працягу дзесяцігодьдзяў ён пагражаў і нападаў на вашых суседзяў.
На прэсавай канфэрэнцыі Брэмэра і Санчэса была паказаная відэастужка на якой Садам Хусэйн , які атрасьціў бараду , праходзіць мэдычны агляд. Паведамляецца, што стан ягонага здароў’я задавальняючы.
Быў таксама прадэманстраваны фатаздымак ужо паголенага Хусэйна.
Кіраўнік кіруючай Рады Іраку Абдул Аль-Хакім паведаміў, што аналіз ДНК падцьвердзіў, што затрыманая ўчора каля Тыкрыту асоба – сапраўды Садам Хусэйн.
Арышт Садама Хусэйна віталі лідэры Велікабрытаніі, Францыі і Нямеччыны. Тоні Блэр заявіў, што арышт паклаў канец перасьцярогам наконт вяртаньня Хусэйна да ўлады. Брытанскі прэмьер-міністар таксама сказаў:
(Блэр:)Зараз час вялікіх магчымасьцяў. Мы мусім не страціць яго і выкарыстаць на карысьць народу Іраку, людзей на Блізкім Ўсходзе і ва ўсім сьвеце.
Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак мяркуе, што арышт Хусэйна дазволіць іракцам самім вырашаць свой лёс у сувэрэным Іраку. Канцлер Нямеччыны Шродар павіншаваў прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з арыштам былога ірацкага дыктатара.
Ліга арабскіх дзяржаваў і Ярданія віталі арышт Хусэйна як крок да стабілізацыі ІРаку. Віцэ-прэзыдэнт Ірану Махамад Алі Абаці выказаў спадзяваньне, што Хусэйн быдзе прыцягнуты да адказнасьці за злачынствы супраць іранцаў падчас вайны 1980-1988 гадоў.