[ 02:09 ]  Брусэль: нязгода ў пытаньні канстытуцыі Эўразьвязу

БРУСЭЛЬ. Лідэры краін Эўрапейскага Зьвязу не змаглі дасягнуць кампрамісу ў пытаньні першай эўрапейскай канстытуцыі. Праект канстытуцыі быў у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў саміту Эўразьвязу ў Брусэлі. Пунктам нязгоды пры абмеркаваньні канстытуцыі застаецца мэханізм прыняцьця пастановаў Эўразьвязу. Нямеччына й Францыя настойваюць на прынцыпе “падвойнай бальшыні”, пры якім краіны з большым жыхарствам маюць перавагі ў працэсе галасаваньня. Польшча й Гішпанія ў сваю чаргу адстойваюць ухваленую ў 2000 годзе на саміце ў Ніццы формулу, якая забясьпечвае захаваньне палітычнай вагі меншых дзяржаваў. Перамовы ў пытаньні Канстытуцыі адновяцца наступным годам – каардынаваць іх будзе Ірляндыя, якая з 1 студзеня пачынае старшыняваць ў Эўразьвязе.