БРУСЭЛЬ. Міністры абароны краінаў-сябраў НАТО сёньня прынялі рашэньне ўзмацніць свае намаганьні ў барацьбе з тэрарызмам і нестабільнасьцю ў рэгіёнах. Такія прапановы прагучалі цягам перамоваў з прадстаўнікамі міністэрстваў абароны каўкаскіх і цэнтральнаазіяцкіх рэспублік, а таксама Ўкраіны. Падчас перамоваў зь міністрам абароны Ўкраіны Яўгенам Марчуком Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан адзначыў, што Кіеў у значнай ступені дапамагае ў стабілізацыі сытуацыі на Балканах ды ў Іраку, але Ўкраіне трэба правесьці вайсковую рэформу. Цягам паседжаньня міністры абароны абмеркавалі таксама сытуацыю ў Малдове, Грузіі й Аўганістане. Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў, што большасьць саюзьнікаў альянсу вырашылі застацца ў Іраку насуперак шматлікім нападам на вайскоўцаў кааліцыі. Цяпер у Іраку, без уліку войскаў Злучаных Штатаў і Брытаніі, знаходзяцца 22 тысячы вайскоўцаў з 18 краінаў сьвету. Рамсфэльд заклікаў сябраў альянсу забясьпечыць больш істотную ролю НАТО ў Іраку.