МАСКВА. Дарадца расейскага прэзыдэнта ў эканамічных пытаньнях Андрэй Іларыёнаў сёньня абвесьціў, што Масква не зьбіраецца ў бліжэйшым часе ратыфікаваць Кіёцкі пратакол. Ён патлумачыў гэта тым, што ратыфікацыя пратаколу прывядзе да зьніжэньня тэмпаў эканамічнага росту Расеі. Кіёцкі пратакол абмяжоўвае эмісію шкодных газаў у атмасфэру. Ратыфікацыя Расеяй пратаколу была адной з асноўных умоваў дзейнасьці пагадненьня, таму што Кіёцкі пратакол уступае ў сілу толькі пасьля таго, як яго ратыфікуюць прынамсі 55 краінаў, што забясьпечваюць 55% шкодных выкідаў у атмасфэру. Адміністрацыя Джорджа Буша раней таксама адмовілася ратыфікаваць гэты пратакол.