ТБІЛІСІ. Сёньня грузінскі парлямант скліканьня 1999 правядзе адмысловае паседжаньне, ў часе якога вызначыць дату правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх і парляманцкіх выбараў. Адпаведны загад напярэдадні падпісала выканаўца прэзыдэнцкіх абавязкаў Ніно Бурджанадзэ. Паводле Канстытуцыі, выбары мусяць адбыцца цягам бліжэйшых 45 дзён.
Учора пра сваю адстаўку заявіў міністар унутраных справаў Грузіі Коба Нарчымашвілі. Пры гэтым ён абвінаваціў новыя ўлады, што яны прымусілі яго зыйсьці.
Тым часам экс-прэзыдэнт Эдуард Шэварнадзэ працягвае заставацца ў Грузіі. У інтэрвію нямецкаму тэлебачаньню ЦДФ ён падзякваў нямецкім палітыкам за гасьціннасьць, заявіў, што вельмі любіць Нямеччыну, аднак зьбіраецца застацца на Радзіме. Сёньня нямецкія тэлеканалы паказалі вілу ў Бадэн-Бадэне, якую, паводле афіцыйных зьвестак, за 11 мільёнаў эўра набыў былы грузінскі лідэр.