Тбілісі Прэзыдэнт Грузыі Эдуард Шэварнадзэ сёньня сышоў у адстаўку. Ён заяваіў: Я зразумеў, што ў гэтых абставінах не абыйдзецца без крыві. Я ніколі не здраджаваў свайму народу і заяўляю зараз , што ў маім становішчы лепш сысьці і спыніць гэта мірным шляхам, без праліцьця крыві. Я удзячны за шчырасьць і ўпэўненасьць Мішу Саакашвілі і Зурабу Жваннія” – заявіў Эдуард Шэварнадзэ ў прамове , у якой абвесьціў пра адстаўку. На пытаньне журналістаў, куды ён накіруецца з рэзыдэнцыі, Шэварнадзэ адказаў: Я застаюся ў Грузыі, я іду дадому, буду пісаць мэмуары”. Праўда, некаторыя грузынскія мэдыі паведамляюць, што сямья Шэварнадзэ ўжо пакінула рэзыдэнцыю і ў аэрапорце Тбілісі для іх рыхтуецца самалёт.
Апазыцыйныя лідэры назвалі рашэньне Шэварнадзэ “мужным і беспрэцэдэнтным крокам”. Лідэр апазыцыі Зураб Жванія лічыць вельмі важным той факт, што былы прэзыдэнт застаецца ў краіне. “Зараз усе , хто змагаўся, могуць разысьціся па домох” – сказаў Жванія.
Міхаіл Саакашвілі заявіў, што навая ўлада гарантуе бясьпеку былому прэзыдэнту і ягонай сямьі. Ён паведаміў, што праз 45 дзён у Грузыі адбудуцца новыя парляманцкія выбары, цяперашні канфлікт паміж ўладаю і апазыцыяй , які прывеў да адстаўкі Шэварнадзэ, разгарэўся пасьля парляманцкіх выбараў 2 лістападу. Апазыцыя палічыла, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя ўладамі.
Рашэньне аб адстаўцы прэзыдэнт Грузыі прыняў пасьля перамоваў з лідэрамі апазыцыі Саакашвілі і Жваніяй, што адбыліся ў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі і былі наладжаныя міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым.
Пасьля заявы Шэварнадзэ Іваноў сказаў, што выканаў сваю ролю пасярэдніка і што зараз лёс Грузыі будуць вырашаць яе палітычныя лідэры.
Яшчэ ўчора адзін з лідэраў апазыцыі, сьпікэр парляманту мінулага скліканьня Ніно Бурджанадзэ заявіла, што часова бярэ на сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Гэта адбылося пасьля таго, як прыхільнікі апазывцыі сілаю занялі будынак парляманту.
Сёньня Міхаіл Саакашвілі падцьвердзіў, што да выбараў Бурджанадзэ будзе выконваць абавязкі прэзыдэнта, але яе паўнамоцтвы будуць абмежаваныя.
Учора прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін пасьля тэлефонай размовы з Шэварнадзэ накіраваў у Грузыю міністра замежных справаў Ігара Іванова. Іваноў выступіў перад дэманстрантамі калі будынку гузынскага парляманту, на працягу дня ён веў асобныя перамовы з Шэварнадзэ і лідэрамі апазыцыі. Нарэшце расейскі міністар здолеў зьвесьці канфліктуючыя бакі за стол перамоваў, пасьля якіх прэзыдэнт Грузыі і прыняў рашэньне пра адстаўку.
Учора Шэварнадзэ абвесьціў пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча, але так і ня ўвёў яго да сваёй адстаўкі. Аднак надзвычайнае становішча было абвешчанае ў Аджарыі – аўтаномнай рэспубліцы Грузыі.