Міжнародная супольнасьць рэзка асуджае тэрарыстычныя акты ў Стамбуле й выражае гатовасьць процістаяць тэрарызму. Рада Бясьпекі ААН адзінагалосна ўхваліла рэзалюцыю з асуджэньнем тэрактаў у Стамбуле. Рэзалюцыя заклікае краіны сьвету “зьяднаць намаганьні для ўстанаўленьня й прыцягненьня да адказнасьці аўтараў, арганізатараў і ўсіх тых, хто стаіць за гэтымі тэрарыстычнымі нападамі”. Эўразьвяз назваў дзеяньні тэрарыстаў “барбарскімі”.
Турэцкія ўлады тым часам гавораць пра “арганізаваныя тэрарыстычныя напады”, зьвязваючы іх з суботнімі замахамі на стамбульскія сынагогі. Турэцкі прэм’ер-міністар Рэджэп Тайып Эрдаган заявіў, што Турцыя будзе рашуча перасьледаваць усіх адказных за трагедыю.