[ 17:11 ]  Завершыўся саміт "Эўразьвяз -- Расея"

РЫМ. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін у часе саміту “Эўразьвяз – Расея” растлумачыў лідэрам Эўрапейскага Зьвязу пазыцыю ягонай краіны ў пытаньні Чэчэніі і скандалу вакол нафтавай кампаніі ЮКОС. Пуцін абвінаваціў міжнародных тэрарыстаў у чэчэнскай праблеме і асудзіў асобныя дзяржавы за падвойныя стандарты, якія адмаўляюць тэрарызам паўсюдь, апроч Расеі. У пытаньні ЮКОСу ён заявіў, што ў часе расьследаваньня будзе цалкам захоўвацца законнасьць: “Дзяржава можа ставіць перад сабою тут толькі адну мэту: навядзеньне парадку. Яна павінна прымусіць усе юрыдычныя і фізычныя асобы працаваць у межах дзейнага заканадаўства. Што тычыцца працы кампаніі, то наўрад ці дзяржава можа імкнуцца да таго, каб разбурыць яе дзейнасьць, таму што вынікі эканамічнага характару будуць, на мой погляд, вельмі нэгатыўнымі. А ніякімі юрыдычнымі меркаваньнямі гэта, з майго гледзішча, таксама не абумоўленае. Я разьлічваю на тое, што ўрад устрымаецца ад крокаў такога кшталту.” Патлумачыў прэзыдэнт Расеі эўрапейскім лідэрам сваю пазыцыю ў справе нафтавай кампаніі ЮКОС. Сёньняшні саміт Эўразьвязу быў апошнім перад яго пашырэньнем налета.