[ 16:53 ]  Волфавіц: іракцы хочуць, каб мы засталіся ў Іраку

ВАШЫНГТОН. Намесьнік міністра абароны Злучаных Штатаў Пол Волфавіц, які напярэдадні вярнуўся ў ЗША з Багдаду заявіў, што паводле апытаньняў грамадзкай думкі, большасьць іракцаў падтрымліваюць амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у Іраку. Пры гэтым Волфавіц, аднак, не падаў ніякіх зьвестак пра канкрэтныя дасьледаваньні ці арганізацыі, якія рабілі гэтыя апытаньні. (Волфавіц) “Ці хочуць іракцы, каб мы пайшлі? Напэўна хочуць, але пасьля пэўнага часу. Паводле апытаньняў, большасьць іракцаў хочуць каб мы засталіся так доўга, як гэта патрэбна. Каб да ўлады не вярнуліся прыхільнікі былога рэжыму”. Між тым, мінулае начы ў Багдадзе быў абстраляны комплекс будынкаў, у якіх месьціцца часовая амэрыкана-брытанская адміністрацыя. Параненыя 4 асобы. А сёньня раніцай была абстраляная зь мінамётаў амэрыканская вайсковая база ў горадзе Масул. Ніхто не пацярпеў.