[ 16:29 ]  Гішпанія скарачае штат амбасады ў Багдадзе

БАГДАД. Гішпанія скарачае колькасьць супрацоўнікаў сваёй амбасады ў Багдадзе з-за складанай сытуацыі ў Іраку. Пра гэта заявіла сёньня міністар замежных справаў Гішпаніі Ана Паласіё. Спадарыня міністар аднак падкрэсьліла, што гэта часовыя захады і супрацоўнікі амбасады праз пэўны час вернуцца ў ірацкую сталіцу. Гішпанія трэцяй пасьля Нідэрляндаў і Баўгарыі скарачае штат сваіх дыпляматычных супрацоўнікаў у Багдадзе. Між тым сёньня ў ірацкай сталіцы загінуў амэрыканскі вайсковец, а яшчэ два былі параненыя ў выніку выбуху бомбы. Яшчэ адзін жаўнер ЗША быў забіты самаробнай бомбай кала гораду Тікрыт. Таксама ад бомбы загінулі два іракцы ў горадзе Карбала. Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што Злучаныя Штаты, нягледзячы на замахі, не пакінуць Ірак пакуль там не запануе стабільнасьць. Між тым ўчора ў Вашынгтоне Сэнат канчаткова зацьвердзіў выдзяленьне 87,5 мільярдаў даляраў на адбудову Іраку і Афганістану.