[ 16:36 ]  Загінулі чатыры цывільныя іракцы

БАГДАД. Прынамсі чатыры цывільныя іракцы загінулі ў сутычках пасьля ўчорашняга ўдару па амэрыканскім войску, які быў найбольш моцным ад пачатку акупацыі Іраку сёлета ў сакавіку. У нядзелю 19 амэрыканскіх жаўнераў загінулі, у тым ліку 16 у гелікоптэры, які быў зьбіты каля гораду Фалуджа. Яшчэ 21 вайсковец ЗША быў паранены. Большасьць параненгых ужо перапраўленыя ў Нямеччыну і знаходзяцца на амэрыканскай авіяцыйнай базе “Рамштэйн”. Прэм’ер міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр заявіў, што мінулы тыдзень у Іраку быў “выключна бязьлітасны” для іракцаў і жаўнераў кааліцыі. Між тым Арганізацыя Аб’еднаных Нацыяў размарозіла больш за 90% гандлёвых кантрактаў паміж Турэччынай і Іракам, якія былі падпісаныя яшчэ да адхіленьня ад улады рэжыму Саддама Хусэйна. Перад пачаткам вайны ў Пэрсыцкай затоцы ў 1991 годзе Ірак быў адным з галоўных гандлёвых партнэраў Турэччыны і больш чым 10-ці гадовыя санкцыі супраць рэжыму Хусэйна значна пашкодзілі турэцкай гаспадарцы.