[ 15:47 ]  Скончыўся саміт кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу

БРУСЭЛЬ. Лідэры краінаў Эўрапэйскага Зьвязу скончылі сёньня двухдзённы саміт у бэльгійскай сталіцы, зрабіўшы адмысловую заяву ў справе сытуацыі вакол Палестыны, Ірану і Іраку. Паводле эўрапэйскіх лідэраў, улады Палестыны мусяць узмацніць намаганьні ў кантраляваньні ўзброенных груповак, асабліва пасьля выбуху ў паласе Газа, у выніку якога загінулі грамадзяне ЗША. Эўразьвяз таксама занепакоены пабудовай Ізраілем сьцяны ўздоўж мяжы з палестынскімі тэрыторыямі. Кіраўнікі краінаў Эўразьвязу адзначылі, што Іран мусіць пагадзіцца на кантроль сваіх ядзерных аб’ектаў. Эўрапэйскія лідэры таксама віталі адзінадушнае рашэньне Рады бясьпекі ў справе Іраку. Раней Эўразьвяз выдзяліў 200 мільёнаў эўра на аднаўленьне Іраку ў 2004 годзе. Паводле прэзыдэнта Францыі Жака Шырака, кіраўнікі краінаў Эўразьвязу наблізіліся да паразуменьня ў справе новай эўрапэйскай канстытуцыі. Шырак таксама заявіў, што Францыя будзе працягваць уціск на Вялікую брытанію каб пераканаць Лёндан падтрымаць плян стварэньня агульнаэўрапэскіх узброеных сілаў. Тоні Блэр сёньня выступіў катэгарычна супраць стварэньня такіх сілаў.