[ 17:17 ]  Ізраіль працягвае апэрацыю ў паласе Газа

ГАЗА. Працягваецца апэрацыя ізраільскіх войскаў у паласе Газа, у часе якой учора загінулі 7 палестынцаў, сярод іх – двое дзяцей. Ізраіль заявіў, што войскі на няпэўны час застануцца ў лягеры ўцекачоў Рафах, каб ліквідаваць падземныя тунэлі, па якіх зброя для палестынцаў трапляе з Эгіпту. Мінулай начы ізраільскія войскі разбурылі 10 дамоў. Камандаваньне заявіла, што частка іх выкарыстоўвалася дзеля абстрэлу вайскоўцаў. Яшчэ ў трох разбураных дамах, як цьвердзяць вайскоўцы, знаходзіліся ўваходы ў тунэлі. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан асудзіў рэйд і зьвярнуў увагу на занадта вялікае выкарыстаньне сілы ізраільскімі войскамі ў перанаселеных кварталах.