У Варшаве, пасьля доўгай хваробы ва ўзросьце 56 гадоў памёр Марэк Навіцкі - знаны польскі дысыдэнт і праваабаронца, кіраўнік найбольш паважанай у Польшчы праваабарончай арганізацыі - Польскай Гэльсінкскай Фундацыі. У камуністычныя часы, Марэк Навіцкі быў актыўным дзеячом дэмакратычнай апазыцыі ды аб’кектам перасьледу ўладаў ПНР. У ваенным стане спадар Навіцкі быў інтэрнаваны на год, а пасьля вяртаньня стварыў зь сябрамі Гэльсінкскі Камітэт, каб зьбіраць выпадкі парушэньняў правоў чалавека камуністычнымі ўладамі.
Марэк Навіцкі неаднаразова выказваўся, у тым ліку і на хвалях беларускай СВАБОДЫ, супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.