[ 06:04 ]  Ізраільскія вайскоўцы ўвайшлі ў палестынскі лягэр Рафах

ПАЛАСА ГАЗА. Паміж палестынцамі і ізраільцамі пачаліся крывавыя сутычкі, пасьля таго, як Ізраільскія вайсковыя падразьдзяленьні пры падтрымцы танкаў, браневікоў і гэлікоптэраў увайшлі ў палестынскі лягэр уцекачоў Рафах, што ў паласе Газа. Паводе ізраільскіх вайскоўцаў, мэта іхнай апэрацыі – зьнішчыць падземныя тунэлі, па якіх палестынцы перапраўляюць зброю, у тым ліку і ракеты. Прынамсі 11 палестынцаў параненыя. Між тым у Палестынскай Аўтаноміі працягваецца палітычны крызіс. Палестынскі парлямэнт у чацьвер адклаў галасаваньне адносна складу новага ўраду, бо парлямэнтары не змаглі прыйсьці да згоды ў гэтай справе. У нядзелю кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Ясір Арафат абвесьціў аб стварэньні надзвычайнага ўраду з 8 чалавек, які можа знаходзіцца ва ўладзе месяц – да зацьверджаньня яго парлямэнтам. Аднак, прэм’ер-міністар Аўтаноміі Ахмэд Курэй выказаўся за больш прадстаўнічы ўрад, ды вырашыў прасіць парлямэнцкай ухвалы раней.