АНКАРА. Парлямэнт Турэччыны за зачыненымі дзьвярыма абмяркоўвае пытаньне аб разьмяшчэньні ў Іраку міратворчых сілаў. Напярэдадні ўрад Турэччыны прыняў афіцыйнае рашэньне накіраваць войскі ў Ірак. Міністар юстыцыі Джэміль Чычэк заявіў:
Мы просім дэпутатаў ухваліць знаходжаньне нашых вайскоўцаў на 12 месяцаў. Мы не застанемся там на нявызначаны працяглы час. Спадзяемся, што мір і спакой будуць адноўленыя ў Іраку, што дазволіць нам пакінуць гэтую краіну нават раней, чым праз год.
Сказаў міністар юстыцыі Турэччыны.
Адна з партыяў, якая аб’ядноўвае ірацкіх курдаў – Патрыятычны зьвяз Курдыстану, пярэчыць супраць разьмяшчэньня турэцкіх войскаў. Прадстаўнік партыі Бахрам Салех прыбыў у Анкару, каб паведаміць пра гэта ўладам Турэччыны. Калі парлямэнт ухваліць рашэньне, дык турэцкія міратворцы будуць першым кантынгентам у Іраку зь вядучых мусульманскіх краінаў. Яны будуць дысьлякаваныя па-за раёнамі на поўначы краіны, дзе жывуць курды.