БАГДАД. Паводле паведамленьняў амэрыканскіх вайскоўцаў, сёньня ў Іраку загінулі тры амэрыканскія жаўнеры і адзін мясцовы перакладчык у выніку двух выбухаў на дарогах. Яшчэ тры жаўнеры параненыя. У Багдадзе адбыўся напад на міністэрства замежных справаў Іраку: будынак быў абстраляны з гранатамёту. Паведамленьняў пра пацярпелых няма. Сёньня ж на поўначы Іраку ў горадзе Кіркук быў забіты супрацоўнік Вышэйшай Рады Ісьлямскай рэвалюцыі. Учора ў Радзе Бясьпекі ААН бязвынікова завершылася абмеркаваньне праекту новай рэзалюцыі ў справе Іраку, прапанаванага ЗША. Генэральны сакратар ААН, Нямеччына, Кітай, Расея і Францыя патрабуюць, каб у рэзалюцыі была адлюстраваная вядучая роля ААН у аднаўленьні Іраку. У праекце рэзалюцыі захоўваецца вядучая роля Вашынгтона.