НЬЮ-ЁРК. Рада Бясьпекі ААН разглядае сёньня праект новай рэзалюцыі ў пытаньні Іраку, запрапанаваны Злучанымі Штатамі.
Генеральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў, што гэты праект не адпавядае ягоным рэкамэндацыям. Анан паведаміў журналістам, што адмыслоўцы яшчэ вывучаюць зьмест праекту, каб прыйсьці да высновы, ці адрозьніваецца ён ад папярэдняга праекту, што прапаноўваў Вашынгтон.
А амбасадар Францыі ў ААН ужо заявіў, што праект не адпавядае жаданьням французкага ўраду і пакідае Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў у Іраку другасную ролю.
Між тым Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл сказаў, што ЗША хочуць перадаць ўладу ў Іраку самім іракцам, як мага хутчэй. Аднак, паводле Паўэла прадстаўнікі часовай кааліцыйнай адміністрацыі мусяць застацца ў Іраку яшчэ на пэўны час.
(Паўэл)"Мы мусім зрабіць вельмі асьцярожна і адказна, каб ўпэніцца, што пасьля сябе мы пакідаем не зруйнаваную дзяржаву, але стабільную і жыццяздольную краіну. А дзеля гэтага спатрэбіцца шмат часу і шмат грошай, а таксама прысутнасьць зарганізаванай улады ў выглядзе часовай кааліцыйнай адміністрацыі".