Ізраільскі ўрад сёньня абмяркуе пляны далейшага будаўніцтва абароннай сьцяны на Заходнім беразе Ярдану. ЗША ціснуць на Ізраіль, каб ён адмовіўся ад будаўніцтва. Ізраіль заяўляе, што ў такі спосаб абараняе сваю тэрыторыю ад пранікненьня палестынскіх тэрарыстаў.
1 кастрычніка пачынаецца міратворчая апэрацыя ААН у Лібэрыі. Першымі “блакітныя каскі” апрануць тры з паловай тысячы вайскоўцаў шматнацыянальных сілаў заходнеафрыканскіх краінаў. Яны будуць кантраляваць выкананьне пагадненьня аб спыненьні вагню паміж урадам і паўстанцамі, садзейнічаць раззбраеньню і забясьпечваць бясьпеку ў краіне.
У Вашынгтоне адбудуцца перамовы прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша і прэм’ер-міністра Пакістану Міра Зафарулы Хана Джамалі. Лідэры дзьвюх краінаў абмяркуюць сярод іншага супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам.
У Лёндане чакаецца прывітальны выступ афганскага лідэра Хаміда Карзая на зьезьдзе кіруючай у Вялікай Брытаніі Лэйбарысцкай партыі. Зьезд працягвае сваю працу ў паўдзённым ангельскім горадзе Бормуце.
109-я асамблея Міжпарлямэнцкага Зьвязу распачне працу ў Жэнэве. У якасьці назіральнікаў возьмуць удзел прадстаўнікі Парлямэнцкага Сходу Расеі і Беларусі.
У Маскве рада міністраў Расеі і Беларусі разгледзіць падрыхтоўку пагадненьня аб выкарыстаньні расейскага рублю ў Беларусі. Сярод шматлікіх пытаньняў парадку дня і абмеркаваньне пытаньня аб спыненьні дзейнасьці камітэту ў пытаньнях бясьпекі Саюзнай дзяржавы.
У Санкт-Пецярбурзе адкрываецца паседжаньне сталай камісаіі Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД у пытаньнях абароны і бясьпекі. Будзе абмяркоўвацца мадэльны законапраект у міратворчасьці і вайсковых пытаньнях.