[ 15:34 ]  Ірак: Яшчэ адзін вайсковец ЗША загінуў, а другі паранены

БАГДАД: Прадстаўнік сілаў ЗША ў Іраку паведаміў, што ў выніку атакі ірацкіх ваяўнікоў на амэрыканскі канвой, адзін амэрыканскі вайсковец загінуў, а другі- паранены. Як паведаміў палкоўнік Джордж Крыва, інцыдэнт здарыўся ў Габаніі, 70 кілямэтраў на захад ад Багдаду. Раней, сілы ЗША, пры падтрымцы танкаў і гелікоптараў, уступілі ў сутычку з ірацкімі баевікамі на захад ад Багдаду. Баі распачаліся пасьля таго, як недалёка ад Халдзіі, 80 кілямэтраў ад сталіцы, быў абстраляны ракетамі амэрыканскі канвой. Прадстаўнік амэрыканскага камандаваньня ў Іраку пацьвердзіў, што ўчора, каля Фалуджы, у выніку выбуху бомбы, былі параненыя 6 вайскоўцаў ЗША. У рамках рассьледваньня замаху, сёньня амэрыканцы і ірацкая паліцыя, затрымалі ў горадзе Тыкрыт 7 чалавек. Прадстаўнік Кіруючай Рады Іраку паведаміў, што ўчора, невядомы чалавек, абстраляў сябру Рады, шыіцкага клірыка Джалаладзіна аль-Сагэра, аднак той, у выніку замаху не пацярпеў. Некалькі дзён таму, у выніку аналягічнага замаху, памерла сябра Кіруючай Рады, адна з нешматлікіх жанчынаў у гэтым органе, Акіла аль-Гашымі.