[ 17:56 ]  Лідэры Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі дасягнулі прагрэсу ў стаўленьні да ірацкай праблемы

БЭРЛІН. Лідэры Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі на сваім трохбаковым саміце ў Бэрліне прыйшлі да згоды, што ў Іраку неабходна як мага хутчэй перадаць уладу самім іракцам і што ААН павінна выконваць большую ролю ў аднаўленьні Іраку. Пра гэта паведаміў канцлер ФРГ Гэрхард Шродэр. У той жа час, паводле прэзыдэнта Францыі Жака Шырака, паміж Бэрлінам і Парыжам, з аднаго боку, і Лёнданам, з другога, застаецца пэўная нязгода ў ірацкім пытаньні. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр адзначыў: “Якімі б ні былі супярэчнасьці паміж намі, я думаю, яны вырашальныя. Мы ўсе хочам бачыць Ірак стабільным, дэмакратычным і пераход да дэмакратыі павінен адбыцца як мага хутчэй. Абмеркаваньне ў ААН надае асаблівае значэньне таму, што гэтая арганізацыя павінна выконваць большую ролю ў Іраку” – сказаў Тоні Блэр. На пачатку наступнага тыдня Шродэр і Шырак у Нью-Ёрку паасобку сустрэнуцца з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. ЗША шукаюць падтрымкі сваёй рэзалюцыі адносна Іраку, якую яны прапанавалі дзеля разгляду Радзе Бясьпецы ААН.