[ 15:46 ]  Ізраіль пацьвярджае неабходнасьць адхіленьня Арафата ад улады

ЕРУСАЛІМ. Пакуль лідэр Палестынскай аўтаноміі Ясір Арафат застаецца ва ўладзе, мірнае ўрэгуляваньне блізкаўсходняга канфлікту немагчымае, -- заявіў сёньня міністар замежных справавў Ізраілю Сільван Шалом. Ён падкрэсьліў, аднак, што ўрад Ізраілю не зьбіраецца неадкладна выконваць сваё рашэньне пра дэпартацыю Арафата. Шалом таксама абверг паведамленьні пра тое, што ізраільскі кабінэт разглядаў магчымасьць ліквідацыі кіраўніка Палестынскай аўтаноміі. Сёньня ж лідэры Палестынскай аўтаноміі рэзка асудзілі такую пазыцыю Ізраілю. Шэраг краінаў сьвету, сярод якіх і ЗША, таксама скрытыкавалі намеры Ізраілю, бо, на іхную думку, адхіленьне Арафата ад улады справакуе новую хвалю гвалту ў рэгіёне.