[ 04:26 ]  Іран гатовы перагледзець сваё супрацоўніцтва з атамным ведамствам ААН

ВЕНА: Іран заявіў, што ён перагледзіць сваё супрацоўніцтва з Міжнародным Агенцтвам Атамнай Энэргэтыкі-МАГАТЭ. З гэтай заявай Тэгэран выступіў пасьля таго, як кіруючая рада Агенцтва ў складзе прадстаўнікоў 35 краінаў, дала Ірану час да канца кастрычніка, каб той пацьвердзіў, што не праводзіць ніякіх сакрэтных ядзерных праграмаў. У знак пратэсту, прадстаўнік Ірану Алі Акбар Салехі выйшаў з залі паседжаньня ў Вене , і сказаў, што Іран якраз і зьбіраецца перагледзець сваю пазыцыю ў пытаньні супрацоўніцтва з ААН. Дырэктар МАГАТЭ Мухамад Аль Барадэі заявіў, што Тэгэран павінен выразна даказаць, што іранскія праграмы ў галіне ядзернай энэргэтыкі, служаць выключна мірным мэтам. Злучаныя Штаты віталі рашэньне Рады МАГАТЭ. Прадстаўнік дзярж-дэпартаменту Адам Эрэлі падкрэсьліў, што калі да 31 кастрычніка, Іран не дасьць адказу на пытаньні МАГАТЭ, гэта будзе азначаць, што краіна ажыцьцяўляе сакрэтныя ядзерныя праграмы. Міністр замежных справаў Іваноў заявіў, што Расея хоча не дапусьціць таго, каб Іран авалодаў ядзернай зброяй, аднак Масква зацікаўленая ў далейшым супрацоўніцтве з Іранам ў галіне ядзернай энэргэтыкі. Расея будуе для Ірану атамную электрастанцыю ў горадзе Бушэр.