ГЭБРОН. ЗАХОДНІ БЕРАГ. У Гэброне на Заходнім беразе Ярдану ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі сёньня быў забіты адзін зь лідэраў экстрэмісцкай групоўкі “Ісьлямскі Джыгад”. Ізраільскае камандаваньне атрымала інфармацыю, што Махамэд Сэдэр рыхтаваў тэрарыстычны акт – у Ізраілі павінны быў выбухнуць аўтамабіль з выбуховымі рэчывамі. Калі ізраільскія вайскоўцы ўзялі ў аблогу дом Сэдэра, у іх была кінутая граната. Пасьля гэтага распачалася жорсткая перастрэлка, прагучэла некалькі магутных выбухаў. “Ісьлямскі Джыгад” адразу ж заявіў, што адпомсьціць за сьмерць свайго лідэра.