Нязвычайная сьпёка у Эўропе спрычынілася да недахопаў у пастаўках электраэнэргіі. Гэта тлумачыцца тым, што цягам апошніх двух тыдняў актыўна выкарыстоўваюцца кандыцыянэры.
У Францыі міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Розэлін Башло паведаміла, што ня выключаная магчымасьць “значных абмяжаваньняў” у пастаўках электраэнэргіі. Гэта патлумачана складанай сытуацыяй з працэсамі ахалоджваньня вады на АЭС пасьля яе выкарыстаньня. Паводле экалягічных патрабаваньняў, вада пасьля выкарыстаньня на АЭС павінна ахалоджвацца перад спускам у рэкі. Французскія улады і улады двух паўдзённых земляў Нямеччыны учора вырашылі часова дазволіць спускаць выкарыстаную на АЭС ваду у рэкі цяплейшай, чым звычайна – дзеля эканоміі электрычнасьці.
У Швайцарыі урад вырашыў наадварот – зьменшыць выпрацоўку электрычнасьці на АЭС.
У Румыніі, Харватыі, Нарвэгіі і Швэцыі улады заклапочаныя зьмяншэньнем вады у рэзэрвуарах гідраэлектрастанцыяў.
Пажары у лясах Эўропы застаюцца важнай праблемай. Пажарнікі у Харватыі, Францыі, Італіі, Партугаліі, Гішпаніі працягваюць змаганьне з вагнём, які распаўсюджваецца.