[ 17:55 ]  Працягваюцца напады у Іраку

БАГДАД. Адзін амэрыканскі жаўнер быў забіты і як найменей два параненыя сёньня на дарозе паміж Багдадам і міжнародным лётнішчам. Адзін амэрыканскі жаўнер быў забіты і два параненыя у выніку нападу на амэрыканскую базу прыкладна у 80 км на поўначы ад Багдаду. Дзень таму прэзыдэнт ЗША Дж. Буш заявіў, што сілы кааліцыі блізкія да захопу былога лідара Іраку Садама Хусэйна, хаця дакладна пакуль нельга сказаць, калі ён будзе арыштаваны. Газэта New York Times паведаміла сёньня, што Ірак і афіцыйныя прадстаўнікі ЗША пагадзіліся на плян аднаўленьня ірацкай нафтавай індустрыі на 8 месяцаў коштам 1600 млн даляраў. Гэты плян будзе першым крокам аднаўленьня нафтавай прамысловасьці Іраку, якая пацярпела ад санкцыяў цягам апошніх 12 гадоў.