ВАРШАВА. Польскі вайсковы кантынгэнт ў Іраку атрымае дадатковае ўзбраеньне. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра абароны Польшчы Януш Земке. Польскім вайскоўцам ў Ірак будуць дастаўленыя бронетранспарцёры, гелікоптэры і 500 прыбораў начнога бачаньня.
Міністэрства абароны Польшчы вырашыла павялічыць суму страхоўкі кожнага польскага жаўнэра, які служыць за межамі Радзімы.
Раней у выніку гібелі вайскоўца ягоная сям’я атрымлівала каля 11 тысячаў даляраў кампэнсацыі й гэткую ж страхоўку. Цяпер страхоўку павялічылі да 25 тысячаў даляраў, такім чынам агульная сума страхоўкі складзе каля 40 тысячаў даляраў.