[ 17:16 ]  У Іраку працягваюцца напады на вайскоўцаў ЗША й прадстаўнікоў гуманітарных місіяў

БАГДАД. На поўначы Йраку, каля места Тал-Афар, у выніку абстрэлу канвою, двое вайскоўцаў ЗША забітыя і адзін паранены. Сёньня ж, паводле вайсковага кіраўніцтва ў Іраку, адзін вайсковец загінуў і двое былі параненыя ў выніку аўтакатастрофы каля Багдадзкага аэрапорту. Паводле інфармацыі ААН, на поўдні ад Багдаду, у раёне места Хіла, ў засаду трапіла гуманітарная аўтакалёна. Загінуў кіроўца – грамадзянін Іраку і паранены замежны супрацоўнік міжнароднай гуманітарнай місіі. Паводле агэнства “Асашэйтыд прэс”, у месьце Эн-Наджаф на поўначы Йраку 10 тысячаў шыітаў правялі дэманстрацыю з патрабаваньнем вывесьці войскі Злучаных Штатаў. Вайсковае кіраўніцтва ЗША паведаміла пра стварэньне ірацкіх сілаў грамадзянскай абароны колькасьцю да шасьцёх з паловай тысячаў чалавек. Яны будуць патруляваць месты разам з вайскоўцамі Злучаных Штатаў.