ВАШЫНГТОН. ЗША і Кітай будуць працаваць разам дзеля таго, каб распачаліся новыя перамовы з Паўночнай Карэяй адносна яе магчымых праграмаў ядзернай зброі, як паведаміў віцэ-міністар замежных справаў Кітаю Дай Бінга. Ён таксама адзначыў, што прадстаўнікі ЗША неўзабаве наведаюць Паўночную Карэю.
Віцэ-міністар замежных справаў Кітаю Дай Бінга ўчора сустракаўся у Вашынгтоне з віцэ-прэзідэнтам ЗША Дзікам Чэйні, Дзяржаўным Сакратаром Колінам Паўэлам і дарадцай па нацыянальнай бясьпецы Кандалізай Райс.
Прэсавы прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў, што ЗША “далі ясна зразумець, што надыйшоў час для іншых краінаў далучыцца да шматбаковых перамоваў”. ЗША хацелі б, каб да гэтых перамоваў у справе Паўночнай Карэі далучыліся Паўдзённая Карэя і Японія.
Паўночная Карэя настойвала на двухбаковых перамовах з ЗША, але пагадзілася на сумесную сустрэчу з прадстаўнікамі Кітаю і ЗША у Пэкіне.