[ 15:12 ]  Тысячы чалавек прыйшлі на пахаваньне ахвяраў тэракту ў Пакістане

КВЭТА. Сёньня ў Пакістане тысячы чалавек прышлі на пахаваньне ахвяраў ўчорашняга тэракту ў шыіцкай мячэці. Загінулі 48 чалавек, у тым ліку тры тэрарысты. Два нападнікі-самагубцы загінулі адразу, а трэці быў застрэлены й памер пазьней у шпіталі. У горадзе Квэта ўведзены камэнданцкі час. Пасьля тэракту пачаліся хваляваньні – шыіты падпальвалі машыны, будынкі. Як паведамляюць мясцовыя ўлады, быў забіты старшыня суніцкай рэлігійнай школы. Прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф назваў дзеяньні тэрарыстаў “барбарскімі” і паабяцаў знайсьці й пакараць арганізатараў злачынства. Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасьць за тэракт. Улады мяркуюць, што напад зрабілі суніцкія экстрэмісты. Ад пачатку году ў Пакістане ахвярамі рэлігійнай варожасьці сталі 67 чалавек.