ШКЛОЎ. Сёньня шклоўскія каталікі адзначылі ўрачыстасьць сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, у гонар якіх паўтары стагодзьдзі таму быў названы мясцовы касьцёл. Сёньня ж дэмакратычная інтэлігенцыя магілеўшчыны падаравала для касьцёльнай бібліятэкі каля 150 кнігаў.
Бібліятэка пры касьцёле існавала яшчэ тры стагоддзі таму ў кляштары дамініканаў. Аднак на пачатку 19 стагоддзя, пасьля чарговага антырасейскага паўстаньня кляштар у Шклове быў разбураны. Ідэя аднаўленьня бібліятэкі належыць шклоўскай суполцы Таварыства беларускай мовы. Ксёндз Аляксандар Багдановіч спадзяецца, што новыя кнігі прыцягнуць да бібліятэкі болей чытачоў.
(Багдановіч: ) “Больш людзі маглі б цікавіцца і гісторыя свайго краю, і культурай, і рэлігіяй, і іншымі такімі справамі. Ну, спадзяемся, спадзяемся, гэта толькі пачатак!”