[ 05:57 ]  Кандаліза Райс будзе весьці перамовы з прадстаўнікамі Ізраілю і Палестыны у гэтыя выходныя

ЕРУСАЛІМ. Дарадца прэзідэнта ЗША Кандаліза Райс будзе весьці інтэнсыўныя перамовы з прадстаўнікамі Ізраілю і Палестыны у гэтыя выходныя у спробах арганізаваць пазытыўныя зрухі на шляху да пляну міру “дарожная мапа”. Сёньня увечары у Ерыхоне Кандаліза Райс сустракаецца за вячэрай з прэм’ер-міністрам Палестыны Махмудам Абасам. Пасьля Кандаліза Райс сустрэнецца з іншымі урадаўцамі Палестыны. Заўтра Кандаліза Райс сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыелем Шаронам, і, асобна, з міністрамі абароны і замежных справаў Ізраілю. Візіт Кандалізы Райс адбываецца пасьля паведамленьня пра дасягнутае пагадненьне прадстаўнікоў бясьпекі Ізраілю і Палестыны. Як паведамляецца, было ў асноўным дамоўлена пра вывад ізраільскіх войскаў з Паласы Газа. Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл заявіў, што, хаця дэталі перамір’я не ясныя, гэта – пазытыўны крок, пасьля якога мусіць быць адказ з боку Палестыны – вывад палестынскіх сілаў бясьпекі з Бэтлеему.