ВАШЫНГТОН. ЗША дамагаюцца, каб Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю з асуджэньнем праграмы распрацоўкі ядзернай зброі Паўночнай Карэі. У праекце рэзалюцыі, які прапаноўвае Вашынгтон, патрабуецца, каб Паўночная Карэя канчаткова ліквідавала сваю ядзерную праграму пад кантролем міжнароднай супольнасьці. Прадстаўнік ЗША у ААН абмеркаваў праект рэзалюцыі з дыпляматамі краінаў, якія маюць права вета – Вялікай Брытаніі, Кітаю, Расеі й Францыі. У красавіку Рада Бясьпекі ААН не прыняла рэзалюцыі, якая асуджае Пхэньян. Гэта было зьвязана з пазыцыяй Расеі й Кітаю, якія лічылі, што крызіс можна ўрэгуляваць без умяшальніцтва Рады Бясьпекі ААН.