СЭВУЛ. Сёньня Паўночная Карэя чарговы раз адкінула прапанову ЗША пра шматбаковыя перамовы, адносна ейнай ядзернай праграмы. Паводле заявы міністэрства замежных справаў, шматбаковыя перамовы – гэта частка стратэгіі Злучаных Штатаў у разбурэньні дзяржаўнага ладу краіны. Тым часам сёньня ж дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл заклікаў удзельнікаў форуму Асацыяцыі краінаў Паўдзённа-Усходняй Азіі (АСЕАН), які цяпер праходзіць у сталіцы Камбоджы Пнампені, да жорсткага ціску на Пхэньян. На думку ЗША, пытаньне ядзернай праграмы КНДР можа быць разьвязанае толькі шляхам перамоваў з удзелам Кітаю, Японіі, ЗША і абедзьвюх Карэяў.