Кіраўнік цывільнай амэрыкана-брытанскай адміністрацыі ў Іраку Пол Брэмэр папярэдзіў жыхароў Іраку, што тыя, хто ня здаў зброю, будуць пакараныя. Сёньня заканчваецца тэрмін, калі іракцы могуць дабраахвотна здаць зброю ў адпаведасьці з амністыяй, абвешчанай амэрыкана-брытанскай адміністрацыяй. Паводле амэрыканскага камандваньня, пакуль жыхары Іраку здалі толькі 150 супрацьтанкавых рэактыўных гранатамётаў, 11 адзінак зэнітнай зброі й сотні карабінаў. Амэрыканскае камандваньне лічыць, што ў іракцаў засталося яшчэ шмат зброі. Амэрыканскія вайскоўцы застрэлілі аднаго вязьня й паранілі сямёх, калі тыя паспрабавалі зьбегчы з турмы Абул—Гарыб у Багдадзе. Вязьні напалі на ахоўнікаў, і тыя адкрылі агонь ў адказ. Адзін ахоўнік быў паранены. Інцыдэнт адбыўся ўчора ўвечары. Тым часам сілы кааліцыі дапытваюць 74 асобаў, якіх затрымалі ў выніку рэйду на поўначы Іраку. Мяркуецца, што яны могуць быць ваяўнікамі тэрарыстычнай сеткі “Аль Кайда”.