БРУСЭЛЬ. Злучаныя Штаты патрабуюць ад Бэльгіі зьмены закону, які дае бэльгійскім судам права прыцягваць да адказнасьці замежных грамадзянаў, якія нібыта зьдзейсьнілі ваенныя злачынствы. Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў, што ў адваротным выпадку Вашынгтон спыніць фінансаваньне будаўніцтва новага будынку штаб-кватэры НАТА ў бэльгійскай сталіцы. У часе сёньняшняга выступу ў Брусэлі пасьля сустрэчы міністраў краінаў НАТА, Рамсфэльд адзначыў, што афіцыйныя асобы ЗША ня змогуць прыяжджаць у Бэльгію, калі ім будзе пагражаць судовы перасьлед. Нядаўна бэльгійскі закон ужываўся для абвінавачаньня ў ваенных злачынствах Томі Фрэнкса, які кіраваў войскам ЗША ў часе апэрацыі ў Іраку.