[ 17:41 ]  Ізраільскі прэм'ер-міністар вітае стварэньне Палестынскай дзяржавы

АКАБА. Сёньня адбыліся перамовы прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з прэм’ер-міністрамі Ізраілю і Палестынскае Аўтаноміі Арыэлем Шаронам і Махмудам Абасам. Амэрыканскі прэзыдэнт адзначыў істотны прагрэс ў рэалізацыі мірнага пляну развязваньня блізкаўсходняга канфлікту, які быў дасягнуты на саміце. Джордж Буш заявіў, што ён падтрымлівае стварэньне Палестынскае дзяржавы, пры гэтым ён дадаў, што неабходна забясьпечыць бясьпеку габрэйскай дзяржаве Ізраіль. Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон заявіў, што ён вітае стварэньне Палестынскае дзяржавы побач з Ізраілем, і паведаміў, што Ізраіль пачне неадкладна дэмантаваць габрэйскія паселішчы на палестынскіх тэрыторыях. Палестынскі прэм’ер-міністар Махмуд Абас запэўніў, што будуць зробленыя ўсе намаганьні, каб спыніць узброеныя напады палестынскіх ваяўнікоў на ізраільцаў. Аднак прадстаўнікі экстрэміскіх груповак “Хамас”, “Іслямскі джыгад” і “Народны Фронт вызваленьня Палестыны” заявілі сёньня, што ўзброеныя напады на ізраільцаў будуць працягнвацца.