ЕРУСАЛІМ. Амэрыканскі пасланьнік на Блізкім Усходзе Уільям Бёрнс сустрэўся сёньня з прэм’ер-міністрам Палестынскае аўтаноміі Махмудам Абасам. Дэталі перамоваў не падаюцца. 4 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш абмяркуе з Махмудам Абасам і прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыэлем Шаронам пэрспэктывы рэалізацыі міжнароднага пляну блізкаўсходняга ўрэгуляваньня. Наяпрэдадні Махмуд Абас выказаў надзею, што ён здолее цягам трох тыдняў упэўніць усе палестынскія групоўкі спыніць напады на ізраільцаў. Уільям Бёрнс накіраваўся далей у Ярданію. Кароль Ярдані заклікаў палестынскі й ізраільскі бакі распачаць рэалізацыю мірнага пляну развязваньня Блізкаўсходняга канфлікту “дарожная мапа”, які прадугледжвае спыненьне гвалту й стварэньне Палестынскай дзяржавы да 2005 году.
У суботу за Заходнім Беразе Ярдану ізраільскія вайскоўцы застрэлілі палестынца, які спрабаваў усталяваць на дарозе выбуховае прыстасаваньне.