САНКТ-ПЕЦЯРБУРГ. У другой расейскай сталіцы адбыўся саміт Расея-Эўразьвяз. Абодва бакі адзначылі агульнае жаданьне ўсталяваць шчыльныя дачыненьні , нягледзячы на тое, што дагэтуль існуюць пытаньні, якія ствараюць перашкоды на шляху да супрацоўніцтва па шырокім коле пытаньняў. Упершыню за гісторыю самітаў Расея-Эўразьвяз удзел у перамовах бралі ўдзел гэтаксама 10 краінаў, якія атрымалі запрашэньне далучыцца да Эўразьвязу. Адкрываючы паседжаньне, расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падкрэсьліў сымбалізм сустрэчы, якая адбываецца ў Санкт-Пецярбургу – горадзе, які ягоны заснавальнік Пётр Першы назваў акном у Эўропу. Уладзімер Пуцін адзначыў, што галоўны прыярытэт Расеі ў стасунках з Эўропай -- пераканацца, што кантынэнт аб’ядноўваецца, каб стварыць зону вольнага перамяшчэньня тавараў і людзей. Уладзімер Пуцін заклікаў да скасаваньня візавага рэжыму паміж Расеяй і краінамі Эўразьвязу. Прэзыдэнт Эўракамісіі Рамана Продзі ў адказ заявіў, што безвізавы рэжым – гэта ёсьць доўгатэрміновая мэта. Каб яе дасягнуць, на думку кіраўніка Эўракамісіі, трэба шмат зрабіць на шляху барацьбы з нелегальным транзытам людзей і тавараў, а таксама ўвесьці памежны кантроль. Напрыканцы саміту Расея і Эўразьвяз падпісалі дэклярацыю, якая была названая “Адзіная Эўропа для ўсіх эўрапейцаў”. Сёньня ж з Польшчы ў Санкт - Пецярбург прыбыў амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш.