[ 14:52 ]  У Ірак дашлюць шматнацыянальныя міратворчыя сілы

КАСТЭЛРІЗА. У Грэцыі працягваецца сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу. Сёньня на грэцкай выспе Кастэлріза адбыліся нефармальныя перамовы на тэму дачыненьняў Эўразьвязу са Злучанымі Штатамі Амэрыкі пасьля вайны ў Іраку. Міністры разглядаюць прапанову ЗША аб забесьпячэньні стабільнасьці ў Іраку пры дапамозе шматнацыянальных міжнародных міратворчых сілаў. Згодна з прапановай ЗША, Ірак будзе падзелены на тры сэктары, і за кожны зь іх будуць несьці адказнасьці адпаведна ЗША, Вялікая Брытанія й Польшча. Польскі міністр замежных справаў Уладзімеж Цімашэвіч, заявіў сёньня, што краіны, якія прапанавалі накіраваць свае міратворчыя сілы ў Ірак, спадзяюцца даслаць іх туды да канца гэтага месца. Аднак прадстаўнік брытанскага міністра замежных справаў адзначыў, што пакуль яшчэ не прынятае канчатковае рашэньне аб накіраваньні міратворчых сілаў. Вядома, што Італія, Гішпанія, Украіна, Данія, Нідэрлянды й Бальгарыя пагадзіліся даслаць свае міратворчыя атрады ў Ірак. На сустрэчы прысутнічалі міністры замежных справаў Бальгарыі і Румыніі, краінаў, якія спадзяюцца далучыцца да Эўразьвязу праз некалькі гадоў.