[ 13:59 ]  Першага траўня ў Нямеччыне, Інданэзіі, Японіі, на Філіпінах, у Расеі і Паўдзённай Афрыцы

МАСКВА. Першатравеньскія маніфэстацыі адбываюцца сёньня ў шмат якіх краінах сьвету. У Маскве ў дэманстрацыі арганізаванай сталічнай фэдэрацыяй прафсаюзаў, узялі ўдзел каля 15 тысячаў чалавек. Асноўныя патрабаваньні ўдзельнікаў – падвышэньне заробку і паляпшэньне ўмоваў жыцьця насельніцтва. У сталіцы Нямеччыны на вуліцы выйшлі каля 20 тысячаў чалавек. Прафсаюзы й прыхільнікі левых ды правых партыяў праводзяць асобныя маніфэстацыі. Ноччу ў месьце адбыліся сутычкі паміж маладымі хуліганамі і паліцыяй. Блізу ста асобаў арыштаваныя. Цяжка паранены паліцыянт. Тысячы маніфэстантаў у Інданэзіі, Японіі й на Філіпінах выйшлі з патрабаваньнямі захаваньня й павелічэньня працоўных месцаў. У Паўдзённай Афрыцы аўтобус, які вёз на сьвята людзей упаў у вадаём. Мяркуецца, што загінулі каля 80 чалавек.