КІЕЎ. Міністэрства замежных справаў Украіны не выключае, што ўкраінскія дыпляматы ўжо ў гэтым тыдні вернуцца ў Багдад. Як паведаміў у часе прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік прэсавай службы міністэрства Маркіян Лубкіўскі, дыпляматы маюць намер вярнуцца ў той самы будынак, у якім знаходзілася пасольства Ўкраіны да пачатку ваенных дзеяньняў. Увесь пэрсанал пасольства быў эвакуяваны з Іраку ў сярэдзіне лютага. Краіну пакінулі блізу 230 украінскіх грамадзянаў, што былі на консульскім уліку ў пасольстве.