[ 21:18 ]  Амэрыканскiя вайскоўцы кажуць, што стралялi ў адказ

БАГДАД. Амэрыканскае цэнтральнае камандаваньне кажа, што падчас учорашняга iнцыдэнту ў горадзе Фалуджа вайскоўцы ЗША першымi былi абстраляныя i распачалi вагонь у адказ. Вайскоўцы абстралялі маніфэстацыю праціўнікаў амэрыканскай ваеннай прысутнасьці ў Іраку. Паведамляецца, што 13 удзельнікаў маніфэстацыі былі забітыя і прынамсi 45 – параненыя. Сёньня ж у Маскве расейскi прэзыдэнт Уладзiмер Пуцiн заявiў, што мiжнародныя санкцыi супраць Іраку ня варта здымаць пакуль ня будзе пацьверджана, што ў краiне няма зброi масавага зьнiшчэньня. Пуцiн таксама зноўку заявiў, што ААН мусiць адыгрываць важную ролю ў пасьляваенным Іраку. Прэсавы сакратар руху Ірацкi Нацыянальны Кангрэс паведамiў, што былы губэрнатар правінцыі Басра Валід Хамід Таўфік Аль-Тыкрыці здаўся прадстаўнiкам Кангрэсу i амэрыканскім вайскоўцам. Аднак амэрыканскае цэнтральнае камандаваньне пакуль не пацьвярджае гэтую iнфармацыю.