[ 17:16 ]  У выніку выбуху ў багдадзе загінулі прынамсі 6 чалавек

(БАГДАД) Амэрыканскія афіцыйныя крыніцы паведамілі, што прынамьсі 6 чалавек загінулі і чацьвера былі параненыя ў выніку выбуху , які адбыўся ў сховішчы амуніцыі і зброі на поўдні Багдаду. Склад знаходзіўся побач з жылым раёнам Багдаду. Карэспандэнт Сі-эН-эН паведаміў, што ён бачыў, як адной з ракетаў, якая выляцела са сховішча, быў разбураны дом. Карэспандэнт радыё Свабода ў Багдадзе паведамляе, што пасьля выбуху ў гэтым раёне ірацкай сталіцы пачаліся антыамэрыканскія пратэсты. Іракцы, якія былі ўпэўненыя, што войскі саюзьнікаў працягваюць свае апэрацыі, кідалі камяні ў амэрыканскіх жаўнераў , якія прыехалі дапамагчы ліквідаваць наступствы выбуху. Па словах капітана амэрыканскага войска Патрыка Салівана, выбух стаўся вынікам абстрэлу сховішча. Адзін амэрыканскі жаўнер быў таксама паранены. Амэрыканскія афіцыйныя асобы паведаімлі, што палова Багдаду зараз ужо мае электрычнасьць. Водазабесьпячэньне адноўленае амаль у двух трацінах дамоў сталіцы Іраку. Вода- і энэргазабесьпячэньне адноўленыя ў 11 з 12 шпіталёў Багдаду. Амэрыканскі брыгадны генерал Стыў Хокінс паведаміў, што некаторыя ірацкія электрыкі вярнуліся на працу пасьля аднаразовай выплаты кожнаму зь іх 20 даляраў. Грошы былі ўзятыя з замарожаных у амэрыканскіх банках ірацкіх актываў