Кіеў Сёньня пачаўся дзьвюхдзёны візыт на Украіну прэзыдэнта Грузыі Эдуарда Шэварнадзе. Ён мае намер абмеркаваць з украінскім кіраўніцтвам пытаньні эканамiчнага, ваеннага i палiтычнага супрацоўнiцтва. У прыватнасьцi маюць абмяркоўвацца праекты пабудовы трубапровадаў Баку-Супса i Баку-Тбiлiсi-Джэйхан.
Кіеў Украіна бачыць тры шляхі сваёго ўдзелу ў пасьляваенай адбудове Іраку: гэта ўдзел у палітычнай стабілізацыі гэтай краіны, праэкты эканамічнай рэканструкцыі і прадастаўленьне гуманітарнай дапамогі. Пра гэта заявіў сёньня прэсавы сакратар міністэрства замежных справаў Украіны.
Кіеў У Крыму пачынаюцца украінска-расейскія марскія вучэньні пад назваю “Фарватэр міру –2003”. Салдаты і ваеныя маракі Украіны і Расеі на працягу 4 дзён будуць адпрацоўваць сцэнар правядзеньня міратворчай апэрацыі ў раёне стыхінага бедства.
Кішынёў Рада бясьпекі Малдовы прыняла рашэньне пра ўдзел малдоўскіх сапераў і ваенных дактароў у гуманітарнай апэрацыі ў Іраку. Такім чынам кіраўніцтва краіны ўхваліла прапанову Злучыных Штатаў аб ўдзеле малдоўскіх войскаў у міжнародных гуманітарных акцыях у Іраку.
Вільня Пачаўся візыт у Літву старшыні Эўрапарляманту Патрыка Кокса. Ён сустракаецца з кіраўніцтвам краіны. У траўні ў Літве адбудзецца рэфэрэндум аб ўступленьні ў Эўразьвяз. Калі на рэфэрэндуме будзе прынятае станоўчае рашэньне і калі яно будзе ўхваленае парлямантамі краінаў сябраў Зьвязу, то праз год Літва стане сапраўдным сябрам Зьвязу і прынамсі будзе абіраць дэпутатаў у Эўрапарлямант.
Талін Учора каля эстанскага гораду Кэлавэрэ пачала працаваць радыёлакацыйная станцыя , якая ажыцьцяўляе кантроль паветранай прасторы прасторы на ўсход ад Эстоніі. Пабудова РЛС каштавала Эстоніі 15 мільёнаў Эўра. Паводле прэмьер-міністра Эстоніі Ёгана Партса пабудова станцыі сьведчыць пра тое, што Эстонія не спажывае, а забясьпечвае бясьпеку.