[ 04:17 ]  Рамсфэльд: ЗША не зьбiраюцца затрымлiвацца ў Іраку

ВАШЫНГТОН. Мiнiстар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявiў, што Злучаныя Штаты ня маюць намеру надоўга захоўваць ваенную прысутнасьць у Іраку. Рамсфэльд абверг публiкацыю ў газэце “New York Times” аб тым, што ЗША плянуюць доўгатэрмiновыя ваенныя адносiны з будучым iрацкiм урадам, якi дасьць амэрыканскiм сiлам доступ да базаў у Іраку. На брыфiнгу ў Пэнтагоне Рамсфэльд заявiў: (Рамсфэльд: 30) “У Іраку ёсьць чатыры авiябазы, якiя ЗША выкарыстоўваюць для дастаўкi гуманiтарнай дапамогi, для апэрацыяў забесьпечэньня стабiльнасьцi. Натуральна, Злучаныя Штаты робяць гэта. Але цi мае гэта нейкае дачыненьне да доўгатэрмiновай прысутнасьцi? Нi ў якiм разе”. Рамсфэльд сказаў, што ваеннае кiраўнiцтва ЗША не абмяркоўвала магчымасьць доўгатэрмiновага выкарыстаньня iрацкiх авiябазаў. Паводле амэрыканскага мiнiстра, базы цяпер выкарыстоўваюцца для ваенных апэрацыяў супраць рэшткаў былога iрацкага рэжыму i для дастаўкi гуманiтарных грузаў. Тым часам Цэнтральнае камандаваньне ЗША паведамiла, што войскi саюзьнiкаў учора арыштавалi камандуючага iрацкiмi сiламi ў цэнтральным Эўфрацкiм рэгiёне, былога прэм’ер-мiнiстра Іраку Мухамада Хазмака аль-Зубайдзi. Гэта ўжо восьмы арыштаваны з 55 iрацкiх кiраўнiкоў, якiя патрапiлi ў галоўны амэрыканскi сьпiс для вышуку.