ГАНКОНГ. Колькасьць памерлых ад новай формы пнэўманіі (САРС) дасягнула ста чалавек. Сёньня ў Ганконгу ад гэтай хваробы памерла 78-гадовая жанчына. Новыя сьмяротныя выпадкi сёньня зарэгістраваныя таксама ў Кітаі і Сынгапуры. Усяго новым вірусам інфікаваныя больш за 2.700 чалавек у трыццацi краінах. Экспэрты Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя спрабуюць знайсьці паходжаньне новай хваробы ў кітайскай правінцыі Гуандун, дзе быў зарэгістраваны першы выпадак САРСу.