[ 05:17 ]  Амэрыканцы кажуць, што кантралююць прымесьцi Багдаду

БАГДАД. Амэрыканскiя самалёты сёньня ранкам нанесьлi ўдары па цэнтры i прымесьцях Багдаду. Прадстаўнiкi войскаў ЗША кажуць, што амэрыканскiя сiлы ўзялi пад кантроль паўдзённыя i заходнiя прымесьцi Багдаду i багдадзкi аэрапорт. Паведамляецца, што тысячы людзей пакiдаюць iрацкую сталiцу. Яны рухаюцца на поўнач. Генэрал-маёр амэрыканскiх войскаў Стэнлi МакКрыстал заявiў, што дзьве з шасьцi iрацкiх дывiзiяў, якiя абараняюць Багдад, практычна зьнiшчаныя. (МакКрыстал: ) “Мы лiчым, што кожная з чатырох астатнiх дывiзiяў на гэты час ужо значна знясiлела i дэградавала. Я не магу назваць дакладныя лiчбы, але гэтыя астатнiя чатыры дывiзii ўжо зусiм ня тое, што на пачатку”. Тым часам iрацкi ўрад заяўляе, што iрацкiя сiлы перамогуць дзякуючы “творчай” абарончай стратэгii.