[ 06:41 ]  Амэрыканскiя войскi -- у 50 кiлямэтрах ад Багдаду

ВАШЫНГТОН. Прадстаўнiкi войскаў ЗША кажуць, што амэрыканскiя сiлы ўжо знаходзяцца ў пяцiдзесяцi кiлямэтрах ад Багдаду. Паводле амэрыканскага брыгаднага генэрала Вiнцэнта Брукса, сiлы каалiцыi нанесьлi сур’ёзныя страты элiтнай iрацкай Рэспублiканскай Гвардыi, якая абараняе падыходы да сталiцы Іраку. Выступаючы ў Пэнтагоне, генэрал-маёр амэрыканскiх войскаў Стэнлi МакКрыстал сказаў, што дзьве дывiзii Рэспублiканскай Гвардыi – Мэдзiнскую i Багдадзкую – болей нельга лiчыць баяздольнымi сiламi. Камандуючы Багдадзкай дывiзiяй, аднак, заявiў, што ягоныя сiлы не панесьлi ўрону i гатовыя змагацца. Тым часам паведамляецца, што некаторыя амэрыканскiя падразьдзяленьнi ўжо знаходзяцца ў трыццацi кiлямэтрах ад Багдаду i рухаюцца ў адмысловай супрацьхiмiчнай вопратцы. Амэрыканскае камандаваньне кажа, што iрацкiя войскi могуць ужыць хiмiчную цi бiялягiчную зброю, калi каалiцыйныя сiлы ўвойдуць у гэтак званую “чырвоную зону” вакол Багдаду.